САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,
забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г. Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.Прынцыпам і Д.Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.
т. 14, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)